ЗА ШТО МЫ ЎДЗЯЧНЫЯ СКАРЫНУ
ЗА ШТО МЫ ЎДЗЯЧНЫЯ СКАРЫНУ
Просмотров: 127 | Голосов: 4 | Рейтинг: 2 |
-2 -1 0 +1 +2   
ЗА ШТО МЫ ЎДЗЯЧНЫЯ СКАРЫНУ

Годная дата

Францыск Скарына надрукаваў сваю першую кнігу – Псалтыр – 6 жніўня 1517 года ў Празе. І гэты гістарычны факт з’яўляецца пунктам адліку да святкавання сёлета 500-годдзя беларускай друкаванай Бібліі і беларускага кнігадруку ў нашай краіне. Крэатыўная супольнасць прыдумала для гэта­га юбілею трапную назву «500-годнасць», і шмат­лікія публікацыі ў інтэрнэце аб’яднаны хэштэгам #500годнасць. Аматары беларушчыны і хрысціяне бачаць у такой значнай даце прычыну, каб ганарыцца і тым, што Францыск Скарына са слаўнага горада Полацка асвоіў адну з тагачасных высокіх тэхналогій, і тым, што ён не проста нешта надрукаваў, а менавіта адну з кніг Бібліі. Бачаць у 500-гадовым юбілеі пачатку друкарскай дзейнасці Скарыны і прычыну святкаваць з’яў­лен­не першай друкаванай кнігі на беларускай мове. З такой шматзначнай нагоды ўжо праходзяць і яшчэ пройдуць шмат урачыстых мерапрыемстваў па ўсёй Беларусі і за мяжой – у Празе, дзе ўсё пачалося, у Лондане, дзе знаходзіцца Скарынаўскі цэнтр, і ў іншых месцах, дзе жыве беларуская дыяспара.

500-гадовы юбілей адзначаюць і на дзяржаўным узроўні, і на ўзроўні грамадскіх, культурных, рэлі­гій­­ных і грамадзянскіх ініцыятыў. Шмат мера­­пры­емстваў прайшло і яшчэ пройдзе і ў цэрквах хрысціян веры евангельскай.

Але што застанецца ў нашай памяці і ў нашых сэрцах пасля таго, як святочная хваля пойдзе на спад? Ці здольныя мы ў двух словах патлумачыць, кім з’яўляецца для нас Скарына і што такого значнага ён зрабіў для хрысціянства?

Дыскусійны Скарына

І ў Беларусі, і за мяжой шмат хто аспрэчвае правамоцнасць выкарыстання адносна Скарыны і яго спраў самога азначэння «беларускі». Аспрэчваюць, што гэта менавіта беларускі першадрукар і асветнік, што ён выдаў кнігу менавіта на беларускай мове
і што гэта значная падзея перш за ўсё для Беларусі і для беларускіх людзей у шырокім сэнсе, і для беларускіх хрысціян у прыватнасці. Аспрэчваюць, што гэта адзін з самых значных набыткаў сусветнага значэння менавіта беларускай гісторыі, культуры, асветніцтва і хрысціянства. Прычынай такога сумневу з’яўляецца хаця б тое, што ў 1517 годзе, маўляў, яшчэ і не было на кар­­це Еўропы такой краіны, як Беларусь. І мову вы­дан­няў Скарыны нельга атаясамліваць з сучаснай беларускай.

На якой мове выйшлі кнігі Скарыны

Цікавая дыскусія на гэту тэму разгарнулася нават на паседжанні за круглым сталом у Тэа­лагічным інстытуце ХВЕ сёлетняй вясной. Пасля доўгай дыскусіі ўдзельнікі паседжання пад старшынствам намесніка епіскапа АЦ ХВЕ Сяргея Паднюка пагадзіліся з трактоўкай, што кнігі Скарыны напісаны на старабеларускай мове са значным выкарыстаннем агульнаславянскай лексікі і царкоўнаславянскіх слоў. Па сутнасці, на такой мове размаўлялі тады на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Сам Скарына напі­саў у сваіх кнігах, што надрукаваны яны «моваю рускаю», што наўрад ці дадае яснасці ў разуменні гэтага пытання. Адзінае, што кажуць даследчыкі, у тыя гады «моваю рускаю» якраз і называлі мову, на якой размаўлялі людзі ў Вялікім княстве Літоўскім.

Знакавай была заўвага аднаго з удзельнікаў сустрэчы, навукоўца і прыхільніка лагеру «скары­на­скептыкаў», які паведаміў, што не бачыць нічога арыгінальнага ў тым, што Скарына надрукаваў Біблію, і не бачыць нічога аўтарскага ў зробленым перакладзе. З гэтым пагадзіцца ніяк нельга, бо Скарына зрабіў абсалютна ўнікальныя прадмовы і ка­ментарыi ў кожнай з выдадзеных ім кніг Бібліі, пры тым што гэтыя кнігі багата ілюстраваныя і што гэта адна з першых кніг, друкаваных кірылічным алфавітам.

Якога веравызнання быў Скарына

Для паўнаты карціны трэба дадаць і тое, што ніхто сёння дакладна не можа сказаць, якога веравызнання быў Францыск Скарына, апроч таго, што ён быў хрысціянінам. Але вось якой канфесіі? Насіў каталіцкае імя, вучыўся ў каталіцкіх універсітэтах, але шмат якія знакі ўказваюць на тое, што католі­камі ён не лічыўся за католіка. Напрыклад, калі б быў католікам, то дыплом аб наданні вучонай ступені доктара медыцыны Падуанскага ўнівер­сітэта яму б уручалі ў касцёле. Але ўручылі ў будынку ўніверсітэта.

Пры гэтым і праваслаўныя не лічылі яго за свайго. Яго паездка ў Маскву праз 17 гадоў пасля выдання кніг у Празе скончылася тым, што Скарыну выгналі са «златаглавай» сталіцы Маскоўскага княства і спалілі прывезеныя ім кнігі. Пры гэтым ні каталіцкая, ні праваслаўная цэрквы не пры­зналі ў той час выдадзеную Скарынам Біблію і яго пераклад.

Дык, можа, Скарына быў пратэстантам? На гэтае пытанне таксама няма дакладнага адказу. Вядома, што Францыск быў знаёмы з вучэннем гусітаў і мараўскіх братоў. Ёсць сведчанні, што ён сустракаўся з Лютэрам, але яны не сталі адзінадумцамі. Тым не менш калі прускі герцаг Альбрэхт пачаў рэфармацыю дзяржавы і царквы ў Прусіі, ён за­пра­сіў менавіта Скарыну прыехаць у Кёнігсберг для кніга­выдавецкай дзейнасці. Друкаваныя выданні біб­лейскіх кніг, зробленыя Скарынам, заклалі падмурак пратэстанцкай рэфармацыі ў ВКЛ, якую Радзівілы ажыццявілі праз тры дзесяцігоддзі пасля выдання Скарынам першай сваёй друкаванай кнігі. Дарэчы, Радзівілы вызнавалі кальвінізм, адну з галін пратэстантызму.

Чаму Біблія, а не іншая кніга

Ніхто з даследчыкаў скарынаўскай спадчыны не скажа дакладна, калі і па якой прычыне док­тар медыцыны захапіўся кнігадрукаваннем і вы­ра­шыў перакладаць і друкаваць Біблію на мове свайго народа. Магчыма, ідэю друкавання Бібліі з асветніцкай мэтай Францыск пераняў у чэхаў, якія на момант выдання скарынавай Псалтыры ўжо выдалі Біблію на чэшскай мове, натуральна, лацініцай.

Бачачы плады Адраджэння і Рэфармацыі ў Еў­ро­­пе, Скарына не мог не захапіцца ідэяй прынес­ці святло Евангелля на ўсход кантынента, свайму народу і на сваю Бацькаўшчыну, любоўю да якіх прасякнуты ўсе прадмовы і пасляслоўі яго кніг. Цікава, што гэтыя тэксты адлюстроўва­юць вель­мі незвычайныя для тых часоў пачуццё аў­тарскай самасвядомасці, патрыятызм, гістарызм і ўсведамленне непаўторнасці кожнай падзеі жыцця. Пры гэтым факт застаецца фактам – ёсць мноства даследаванняў біблейскіх тэкс­таў кніг Скарыны, але дагэтуль ніхто не дасле­даваў тэалагіч­ную каштоўнасць скарынавых камен­тарыяў. Можа, яшчэ не прыйшоў час? Свой непаўторны светапогляд і стыль Францыск Скарына выразіў і ў адметных ілюстрацыях да вы­данняў. Ён размясціў у сваёй Бібліі каля паўсотні гравюр, мноства дэкаратыўных элементаў. Неверагодна смелым і нават дзёрзкім для таго часу было і яго рашэнне змясціць у кнігах аўтапартрэт, складаны па кампазіцыі і сімвалічным змесце.

Ёсць версія, што тым самым выдавец хацеў да­несці да людзей інфармацыю аб геліяцэнтрычнай сістэме. У прынцыпе, падобна на тое, што Скарына мог быць знаёмы з Мікалаем Капернікам. Яны былі сучаснікамі і вучыліся амаль адначасова. Гэта толькі адна з гіпотэз, але аўтапартрэты сапраўды выглядаюць напоўненымі патаемным зместам.

Што дала рэалізацыя біблейскага праекта Скарыну

Скарынава тыпаграфія ў Празе за 2 гады выдала 23 (!) асобныя кнігі Бібліі. Верагодна, што на момант пачатку працы ў выдаўца былі гатовы тэксты перакладаў, інакш як патлумачыць такую хуткасць друку? Яшчэ некалькі выданняў ён надрукаваў у Вільні. Ці прынесла гэта яму шчасце? Ці быў гэты праект камерцыйна ўдалым?

Сваю дзейнасць першаасветнік ажыццяўляў пры падтрымцы брата Івана і іншых мецэнатаў. Кнігі выдаваліся і распаўсюджваліся. Гэтай мэце было падпарадкавана ўсё жыццё Скарыны. Але ўрэшце і жонка памерла, і тыпаграфія згарэла, і брат памёр, і братавы крэдыторы шукалі Францыска, хаця спадкаемцам быў пляменнік Раман. Быў і астрог, і былі апошнія гады жыцця ў Празе. Чым займаўся Скарына ў апошнія гады, дакладна невядома. Магчыма, працаваў садоўнікам, а хутчэй практыкаваў як урач пры двары караля Фердынанда Першага.

Сапраўдная слава да Францыска Скарыны прый­шла ў нашы дні. Шматлікія даследаванні кніг перша­асветніка вялікай колькасцю вучоных з мноства краін свету дагэтуль працягваюцца. Яго імем называюць вуліцы, універсітэты, бібліятэкі. Нацыянальная бібліятэка Беларусі носіць імя Скарыны, і ягоны помнік стаіць ля ўвахода. На фасадзе бібліятэкі на розных мовах напісана цытата з 2-га Паслання да Цімафея 3:16: «...каб дасканалым быў чалавек Божы, да ўсякае добрае справы гатовым». Такая павага да Слова Божага не можа не радаваць.

За што яшчэ мы можам быць удзячныя Францыску Скарыну?

А нам, шаноўны чытач, засталося толькі падсумаваць, за што ж мы можам яшчэ быць удзячныя Францыску Скарыну?

Скарына нагадвае нам пра духоўную і ас­вет­­ніцкую каштоўнасць зместу Бібліі. Док­тар Скарына прынёс на нашу зямлю друкаваны тэкст Бібліі, выдадзенай на мове, зразумелай тады боль­­шасці людзей. Гэта зрабіла Беларусь часткай агульнаеўрапейскага руху Рэфармацыі. Свет Евангелля засвяціў на беларускай зямлі так ярка, што большасць шляхты стала пратэстанцкай, расла папулярнасць адукацыі, навукі, мастацтваў, адбыўся эканамічны рост. Усё гэта даследчыкі адносяць да найлепшага перыяду беларускай гісторыі – так званага Залатога стагоддзя.

Скарына нагадвае нам пра важнасць цвёрдай веры. Гэты вялікі чалавек вырашыў здзейсніць мару жыцця, рэалізаваць сваё прызначэнне, знайшоў для гэтага рэсурсы, ахвяраваў сваім дабрабытам дзеля таго, каб прынесці Слова Божае народу.

Скарына нагадвае нам пра Хрыста. Біблія на зразумелай людзям мове выдавалася і чыталася. Продкі беларусаў мелі магчымасць прачытаць ці пачуць пра ахвяру Хрыста і прыняць збавенне, прыняць Царскую годнасць, стаць тым, хто пакліканы здзяйсняць на гэтай зямлі Божую волю, валадарыць над тварэннем, служыць Богу, дзяржаве і грамадству сваімі талентамі. Адзіная крыніца вялікага грамадскага і эканамічанага ўздыму тых часоў – гэта свабодная воля адроджанага жывой верай чалавека, які пазбавіўся рабскага грахоўнага мыслення.

Скарына нагадвае нам пра важнасць тэхна­логій. Адна з самых сучасных на той момант тэхналогій распаўсюджвання інфармацыі была пастаўлена Скарынам на службу Богу, на службу справе Божай, на службу збавення, каб данесці да вялізнай колькасці людзей Слова Божае, Добрую Вестку аб тым, што Бог жадае прымірыцца і дорыць кожнаму Сваю годнасць. Друкаваная Біблія выдавалася вялікімі тыражамі і была больш таннай, чым рукапісная.

Скарына нагадвае нам пра місію. З магчымых варыянтаў мовы Скарына абраў «мову рускую», старажытнабеларускую рэдакцыю так званай царкоўнаславянскай мовы. Відавочна, што ён свядома абраў мову, якую маглі зразумець у Рэчы Паспалітай і ВКЛ, і ў Кіеве, і ў Масковіі, і ў іншых краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Скарына добра разумеў, як Слова Божае можа змяніць і яго Радзіму, і жыццё людзей на усход ад Смаленска. Гэта была неблагая спроба, якую працягнулі яго паслядоўнікі Сымон Будны і Іван Фёдараў. Вядома, што абодва выкарыстоўвалі тэксты Скарыны ў сваёй асветніцкай дзейнасці ў Княстве Маскоўскім.

Скарына нагадвае нам пра тое, што ў кожнага пакалення ёсць шанц. Францыск Скарына можа здавацца камусьці ідэалістам-ра­мантыкам, камусьці – авантурыстам і прагматыкам. Але факт застаецца фактам. Ужо 500 год таму мы мелі Біблію, зразумелую многім. Ці стала Беларусь за гэты час бліжэйшай да веры і Бога?
5 стагоддзяў!

Ці здолелі сучаснікі Францыска Скарыны аца­ніць гістарычную значнасць падзеі, свой шанц прыняць Евангелле і распаўсюджваць яго? Адны здолелі, іншыя – не. Ці стала Беларусь жыць паводле Бібліі?

Сёння, маючы столькі выдатна выдадзеных Біб­лій на беларускай, рускай і іншых мовах, як ска­рыстоўваем свой шанц мы? Ці скарыстоўваем мы дадзеную Богам мову, каб захаваць і рэалізаваць для Яго славы ўласную нацыянальную адметнасць? Ці існуе пагроза для нас, беларусаў трэцяга тысячагоддзя, паўтарыць сумны лёс старажытнабеларускай дзяржавы, якой было ВКЛ? Паразважайце над гэтым. Што значыць «500-годнасць» для вас?

 Юрый Шыбень

Нравится Нравится